2017-ы год у нашай краіне праходзіць пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. З першых дзіцячых крокаў і праз усе этапы чалавечага жыцця імёны народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа ўваходзяць у нашу свядомасць як увасабленне таленту і змагання за нацыянальнае ўсталяванне і палітычнае прызнанне. Яны нязменна выклікаюць у сэрцах людзей пачуцці захаплення, павагі, гонару, глыбокай удзячнасці. Імёны класікаў беларускай літаратуры вядомы далёка за межамі Беларусі, іх творы перакладзены на многія мовы свету. Творчасць Я.Купалы і Я.Коласа даступна чытачам буйнейшых бібліятэк Еўропы, ЗША, Канады.
Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею песняроў праводзяцца і ў нашай гімназіі.
Гэтай восенню на ўроках гімназісты чыталі неўміручыя радкі класікаў, пазнаёміліся з музычнымі творамі беларускіх кампазітараў, напісанымі на словы Купалы і Коласа. На перапынках вучні маглі пашырыць свае веды пра пісьменнікаў са старонак інфармацыяй сценгазеты “Неўміручае слова Купалы”.
На прыканцы вучнёўскіх тыдняў гімназісты прынялі ўдзел у конкурсе прамоўцаў “Паэтычная субота”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Я.Коласа і Я.Купалы, які праводзіўся сярод навучэнцаў 7-8 класаў.
А вось канікулы запомніліся перш за ўсё паездкамі па мясцінах, якія звязаны з імёнамі класікаў. Так вучні 8 “А” і 8 “Б” класаў разам з класнымі кіраўнікамі наведалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Гісторыя Барбары Радзівіл з п’есы “Чорная панна Нясвіжа” не пакінула абыякавым нікога. Восеньскія канікулы для вучняў 8 класаў былі афарбаваны ў колеры кахання, вытанчанасці, узнёсласці і спадзявання.
Н.Ф.Дзяўго і Н.У.Бесан, класныя кіраўнікі


